Мінскія ўлады абвясцілі тэндар на пастаўку сталовага посуду ў Палац Незалежнасці. Адпаведную заяўку на партале дзяржзакупак змесціла УКБ Мінгарвыканкама.
У аўкцыённых дакументах пазначана, што ільвіная доля посуду павінна быць вытворчасці германскай фірмы Falken-Porzellan. Закупка праводзiцца за кошт бюджэту горада Мінска.
Falken-Porzellan — вядомы вытворца фарфору самай высокай якасці. Посуд гэтай кампаніі адрозніваецца «вытанчаным дызайнам, цвёрдасцю і найбагацейшым глянцам ў спалучэнні з найчысцейшым золатам і плацінай ў 24 карата».
Falken-Porzellan з'яўляецца даволі вядомым у свеце пастаўшчыком посуду для рэзідэнцый, дзяржорганаў, пасольстваў, асабліва важных персон і пяцізоркавых гатэляў.
Кампанія дае магчымасць нанясення фірменных лагатыпаў і афіцыйных гербаў. Не стаў выключэннем посуд і для Палаца Незалежнасці.
Амаль усе сервізы павінны быць аздоблены дзяржаўнымі гербамі.