Мастацкі ўзровень любога фестывалю вызначаюць фільмы-пераможцы.

Сёлета абсалютным лідарам мінскага «Лістапада» стала стужка «Іда» (Польшча – Данія), якую зняў рэжысёр Павел Паўлікоўскі.

На рахунку «Іды» чатыры ўзнагароды. Гран-пры за найлепшы фільм («Золата «Лістапада»), перамогі ў намінацыях «Фільм як з’ява мастацтва» («Срэбра «Лiстапада»), «За найлепшую жаночую ролю другога плану» (актрыса Агата Кулеша) і «За найлепшую аператарскую працу імя Юрыя Марухіна» (аператары Лукаш Жаль і Рышард Ленчэўскі).

Дзеянне фільма пачынаецца ў 1962 годзе. 18-гадовая палячка Ганна рыхтуецца стаць манашкай у сіроцкім прытулку, дзе жыве. Аднойчы яна даведваецца, што мае цётку Ванду, сястру маці. З ёй яна мусіць убачыцца перад пострыгам. У размове Ганна даведваецца, што яе сапраўднае імя – Іда, і яна габрэйка. Дзяўчына пачынае шукаць свае карані…

Увага палякаў да тэмы Халакосту і яўрэйскай тэмы невыпадковая. Падчас Другой сусветнай вайны ў краіне загінула 2,8 мільёнаў яўрэяў, або 85% усіх.

А вось па выніках галасавання гледачоў перамагла стужка «Па коле» (Сербія — Германія — Славенія — Харватыя — Францыя), якую зняў рэжысёр Срдан Галубавіч. Яна таксама ўздымае праблемы адказнасці за мінулае.

Дзеянне адбываецца ў 1993 годзе ў Босніі падчас вайны, якую вялі паміж сабой рэспублікі былой Югаславіі. Тры сербскія салдаты нападаюць мясцовага мусульманіна Харыса. Іх саслужывец Марка, які становіцца выпадковым сведкам здарэння, умешваецца і ратуе няшчаснага. Але раз’юшаныя вайскоўцы забіваюць да смерці яго самога.

Далейшае падзей разгортваюцца ў 2008 годзе. Бацька Маркі, які займаецца перабудовай царквы, атрымлівае прапанову ад дапамозе ад аднаго з забойцаў свайго сына. А найлепшы сябар салдата вымушаны апераваць чалавека, які таксама ўдзельнічаў у злачынстве…

Чым можна патлумачыць такое рашэнне гледачоў? Зразумела, высокім мастацкім узроўнем стужкі. Але яшчэ і ўскосным фактарам.

Як лічаць гісторыкі і палітолагі, калі б не падпісанне Белавежскіх пагадненняў, развіццё былых савецкіх рэспублік магло пайсці па югаслаўскаму варыянту. Таму дзякуючы фільму беларусы могуць убачыць варыянт развіцця падзей, які б мог чакаць нашу краіну.

Што яднае два фільмы? Іх стваральнікі не баяцца свайго мінулага і наўмысна выносяць найбольш спрэчныя пытанні на шырокае абмеркаванне. Які кантраст з прадукцыяй «Беларусьфільма», якая старанна абыходзіць усё, што не ўкладаецца ў пракрустава ложа так званай «дзяржаўнай ідэалогіі».

Увага нашых суайчыннікаў да абедзвюх стужак паказальная. Беларусы дагэтуль не атрымалі ад кінематографа адказы на балючыя тэмы ўласнай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?