Гісторык разгадаў таямніцу дзіцячых малюнкаў у старадаўняй кнізе

Гісторык Дзяніс Лісейчыкаў у фэйсбуку напісаў пра загадку, якую некалі задалі яму калегі з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАНБ. На старонках аднаго з кірылічных выданняў сярэдзіны XVII стагоддзя былі два цікавыя дзіцячыя (?) малюнкі невядомага персанажа, які нагадваў паляўнічага. А побач з ім была намаляваная нейкая істота. Цяпер гісторыку, падобна, удалося разгадаць гэтую загадку.

27.04.2024 / 16:10

«Выказваліся самыя розныя здагадкі, хто гэта мог быць (святы, салдацік і г. д.) і чаму ён там намаляваны.

Паводле ўласніцкіх запісаў мы высветлілі, што ў канцы XVII стагоддзя кніга належала ўніяцкаму святару са Старога Лепеля. Старалепельская парафія была заможнай і святар меў даволі багатую рэзідэнцыю (і добрую бібліятэку).

Гартаючы артыкул пра чарговыя археалагічныя знаходкі, вока зачапілася за малюнак добразахаванай кафлі XVII стагоддзя. Аказваецца, у тыя часы была дужа папулярнай кафля з выявай мушкецёра.

Хутчэй за ўсё, і наш малагадовы мастак са Старога Лепеля замаляваў у кніжцы з бацькоўскай бібліятэкі выяву мушкецёра з кафлі, якую ён штодня бачыў на печы ў бацькоўскім доме.

А нядаўна ўдалося ўстанавіць і асобу самога меркаванага мастака.

У метрыцы ўступлення ў базыльянскі ордэн пад 1691 годам маецца ўласнаручны запіс: «Я, у свеце Васіль, а ў святым ордэне Уладзіслаў Анішкевіч, гадоў каля 22, з бацькоў уніятаў, сын святара з Лепеля пад Полацкам».

Васіль Анішкевіч вучыўся ў манастыры ў Тараканях, а ў лістападзе 1691 года ўступіў у ордэн у Быцені пад іменем Уладзіслаў. Памёр у 1711 годзе, будучы настаяцелем манастыра ў Цапры (сёння Клецкі раён Мінскай вобласці)», — піша Дзяніс Лісейчыкаў, адзначаючы, што

«ў прынцыпе ўся гэтая інфармацыя з катэгорыі малапатрэбнай, але чамусьці прыемна».

Слуцкія паясы ткалі негрыцянкі — архіўнае адкрыццё

«А мне насрат!» Такі надпіс знайшлі архівісты на дакуменце 500-гадовай даўніны

«Купленно мною в Гомле на Міхайла віна церковнаго і воцту с лішком фляшку». Калі прыносіць карысць недастатковая пісьменнасць?

Nashaniva.com