Топ-100 самых уплывовых беларусаў. 45. Мікола Статкевіч

05.04.2015 / 18:47

45 (58). Мікола Статкевіч

Палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты.

 

Статкевіч ужо пяты год у зняволенні. Палітык прынцыпова не піша прашэнняў аб памілаванні. Падпалкоўнік запасу Статкевіч быў найбольш жорсткім крытыкам Лукашэнкі падчас кампаніі 2010 года. Заўсёды беларускамоўны, нашчадак старажытнага шляхецкага роду. Сёння ад лёсу Статкевіча ў вялікай ступені залежыць перспектыва развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін. Апазіцыя разглядае сярод варыянтаў на наступныя выбары вылучэнне Статкевіча ў якасці адзінага, а ўлада няхай рэагуе як хоча. Сам Статкевіч — не супраць.

 

Цытата

«Прашэння аб памілаванні не дачакаюцца, я індульгенцыямі не гандлюю».

З ліста на волю, люты 2014.

 

Аб’ектыўка

Нар. у 1956 у вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча (МВІЗРВ) СПА. Абараніў кандыдацкую дысертацыю і выкладаў у МВІЗРВ. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. 20 жніўня 1991 публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах у 2010. Яго арыштавалі ў дзень Плошчы — 19 снежня 2010. Асуджаны на 5,5 года зняволення. У адрозненне ад некаторых іншых кандыдатаў, не пісаў прашэння аб вызваленні.

* * *

40. Павел
41. Юрый Зісер
42. Мікалай Лукашэнка
43. Рыгор Кісель
44. Уладзімір Зіноўскі
45. Мікола Статкевіч
46. Наталля Радзіна
47. Павел Тапузідзіс
48. Сяргей Хусаенаў
49. Валерый Міцкевіч
50. Аляксей Дзербін