Топ-100 самых уплывовых людзей Беларусі

24.03.2013 / 15:32

Часопіс Forbes штогод складае спіс самых уплывовых асобаў свету. Гэта некалькі дзясяткаў людзей, ад якіх залежыць хада сусветнай гісторыі.

«Уплывовасць» — вельмі няпэўная катэгорыя, таму эксперты абапіраюцца на чатыры асноўныя крытэрыі. Гэта колькасць людзей пад кіраваннем асобы, рэсурсы, у тым ліку фінансавыя, якія яна можа размяркоўваць, колькасць сфераў грамадскага жыцця, на якія мае ўплыў, а таксама актыўнасць, з якой намінант карыстаецца сваёй уладай.
Апошнія два гады месца на першай прыступцы рэйтынгу Forbes займае прэзідэнт ЗША Барак Абама.

Свае «хітпарады» ўплывовасці маюць многія дзяржавы, у тым ліку і суседнія Украіна з Літвой. Гэта традыцыя, якая дазваляе адсачыць змены ў жыцці краіны. Цікавасць яны ўяўляюць і для саміх фігурантаў рэйтынгу.

«Наша Ніва» паспрабавала скласці такі рэйтынг для Беларусі. Для гэтага мы запрасілі дзясятак экспертаў з розных сфераў і пляцовак.

Наш спіс самых уплывовых беларусаў адлюстроўвае грамадскае жыццё краіны на пачатак 2013 года. Складаць мы яго пачалі ў студзені.

Ва ўмовах аўтарытарнай мадэлі дзяржавы прабіцца на першыя пазіцыі чалавеку, не звязанаму з уладамі, неймаверна складана. Не здзіўляйцеся, што ў лідарах рэйтынгу спрэс сілавікі і чыноўнікі, а таксама набліжаныя да іх бізнэсоўцы.

Складанне такога спіса ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму мае сваю спецыфіку.
У дэмакратычнай краіне ўлада размеркавана між рознымі інстытутамі і людзьмі, якія іх узначальваюць. Яны ўраўнаважваюць адзін аднаго, і яны роўныя перад законам.
Груба кажучы, калі падзяліць уладу і ўплыў людзей у Амерыцы, то Абама будзе мець 2%, віцэ-прэзідэнт Байдэн — 0,5%, а астатнія грамадзяне — 97,5%. У Беларусі ж адзін чалавек мае 60%, амаль неабмежаваную ўладу, ён можа прымаць і ажыццяўляць амаль любыя рашэнні, а вага ўсіх астатніх разам узятых — нашмат меншая.
Але і іншыя людзі часам нешта значаць. Нават калі яны сядзяць у турме і бачаць сонца раз за год. Гэта да таго, што эксперты амаль адзінагалосна назвалі ў Топ¬100 і шэраг палітычных вязняў, сярод якіх Статкевіча, Бяляцкага, Севярынца.
У той жа час пазіцыі многіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў у версе спіса не надта трывалыя. Часцяком гэта ацэнка месца, на якім сядзіць чалавек, а не ягонай асобы.
Шэйман, Макей, Сідорскі, Румас, Канаплёў — людзей, якія, відаць, будуць трапляць у спіс незалежна ад пасады, зусім мала.

Абсалютны кожны эксперт, якога мы апытвалі, назваў Аляксандра Лукашэнку ў сваім рэйтынгу першым.

У цэлым мы палічылі, што складанне такога рэйтынгу мае сэнс. Усё ж фармаванне маладога палітычнага класа, як і бізнэс-класа, — гэта вельмі важны для станаўлення нацыі працэс, і адсочваць яго важна, нават калі ў фокус увагі пры гэтым могуць трапляць і людзі выпадковыя ці незаслужаныя.

Топ-100 уплывовых людзей Беларусі

1. Аляксандр Лукашэнка — кіраўнік краіны.

2. Віктар Лукашэнка — памочнік прэзідэнта па пытаннях бяспекі.

3. Міхаіл Мясніковіч — прэм’ер-міністр.

4. Валерый Вакульчык — старшыня КДБ.

5. Андрэй Кабякоў — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

6. Уладзімір Макей — міністр замежных справаў.

7. Юрый Чыж — бізнэсовец, уласнік кампаніі «Трайпл».

8. Андрэй Уцюрын — кіраўнік службы аховы прэзідэнта.

9. Уладзімір Сямашка — першы віцэ-прэм’ер.

10. Віктар Шэйман — кіраўнік Кіраўніцтва справаў прэзідэнта.

11. Барыс Батура — старшыня Мінскага аблвыканкама.

12. Аляксандр Якабсон — старшыня камітэта дзяржкантроля.

13. Ігар Шуневіч — міністр унутраных справаў.

14. Уладзімір Пефціеў — бізнэсовец, былы ўласнік «Белтэхэкспарту».

15. Пятро Пракаповіч віцэ-прэм’ер.

16. Надзея Ермакова — cтаршыня Нацбанка.

17. Юрый Жадобін — міністр абароны.

18. Сяргей Шпягун — кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра.

19. Аляксандр Шакуцін — бізнэсовец, старшыня рады праўлення «Амкадора».

20. Наталля Пяткевіч — памочніца прэзідэнта.

21. Мікалай Ладуцька — старшыня Мінгарвыканкама.

22. Павел Якубовіч — галоўны рэдактар газеты «Сб. Беларусь сёння».

23. Леанід Мальцаў — дзяржаўны сакратар Рады бяспекі.

24. Лідзія Ярмошына — старшыня Цэнтрвыбаркама.

25. Ірына Абельская галоўная доктарка Лечкамісіі.

26. Дзмітрый Лукашэнка — старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

27. Міхаіл Захараў — былы галоўны трэнер хакейнага «Юнацтва».

28. Сямён Шапіра — старшыня Гродзенскага аблвыканкама.

29. Канстанцін Сумар — старшыня Брэсцкага аблвыканкама.

30. Аляксандр Косінец — старшыня Віцебскага аблвыканкама.

31. Сяргей Касцючэнка старшыня праўлення «Прыёрбанка».

32. Анатоль Тозіквіцэ-прэм’ер.

33. Аляксандр Канюк — генеральны пракурор.

34. Уладзімір Дворнік — старшыня Гомельскага аблвыканкама.

35. Аляксандр Шпілеўскі — старшыня Мытнага камітэта.

36. Рыгор Кісель — гендырэктар АНТ.

37. Мікалай Снапкоў — міністр эканомікі.

38. Уладзімір Канаплёў — старшыня Федэрацыі гандбола.

39. Пятро Руднік — старшыня Магілёўскага аблвыканкама.

40. Сяргей Міхалок — спявак, лідар гурту «Ляпіс Трубяцкой».

41. Аляксандр Базанаў — дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта.

42. Анатоль Тарнаўскі — генеральны прадстаўнік «Юнівест» па краінах СНД.

43. Мікалай Лукашэнка — малодшы сын кіраўніка краіны.

44. Сяргей Сідорскі — былы прэм’ер-міністр.

45. Анатоль Капскі — генеральны дырэктар «БАТЭ», кіраўнік футбольнага клуба БАТЭ

46. Аляксандр Радзькоў — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, лідар «Белай Русі»

47. Максім Рыжанкоў — памочнік прэзідэнта ў пытаннях спорту.

48. Усевалад Янчэўскі— памочнік прэзідэнта па ідэалогіі.

49. Ігар Рачкоўскі — першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

50. Філарэт — праваслаўны Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, экзарх усяе Беларусі.

51. Уладзімір Андрэйчанка — спікер палаты прадстаўнікоў

52. Анатоль Калінінвіцэ-прэм’ер

53. Андрэй Харкавец — міністр фінансаў

54. Сяргей Гурулёў — старшыня вайскова-прамысловага камітэта

55. Аляксандр Боечка — старшыня памежнага камітэта

56. Аляксандр Машэнскі — уласнік «Санта-Брэмар» і «Савушкавага прадукту»

57. Тадэвуш Кандрусевіч — каталіцкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп

58. Мікола Статкевіч — палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты

59. Сяргей Румас — старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі, старшыня Федэрацыі футбола

60. Алесь Бяляцкі — палітвязень, праваабаронца, кандыдат на Нобелеўскую прэмію

61. Павел Севярынец — палітвязень, сустаршыня Хрысціянскай дэмакратыі

62. Алег Праляскоўскі — міністр інфармацыі

63. Юры Зісер — уласнік партала tut.by

64. Святлана Калінкінашэф-рэдактарка газеты «Народная воля»

65. Зянон Пазняк — лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, палітэмігрант

66. Андрэй Тур — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

67. Віталь Арбузаў — уласнік кампаніі Fenox Automative Gmbh

68. Віктар Зураеў — кіраўнік «Алмаза»

69. Аляксандр Мілінкевіч — лідар руху «За свабоду»

70. Жанна Літвіна - cтаршыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

71. Юрый Караеў — намеснік міністра ўнутраных справаў

72. Віктар Камянкоў — старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда

73. Валянцін Сукала — старшыня Вярхоўнага суда

74. Вікторыя Азаранка — тэнісістка

75. Павел Латушка — пасол Беларусі ў Францыі

76. Хасалбек Атабекаў - кіраўнік вайсковай часткі 3214

77. Алег Хусаенаў — уласнік кампаніі «Зубр Капітал»

78. Валерый Іваноў — генеральны дырэктар «Беларускай калійнай кампаніі»

79. Сяргей Маскевіч — міністр адукацыі

80. Яўген Шыгалаў — дырэктар рынка «Ждановічы»

81. Іосіф Сярэдзіч - галоўны рэдактар газеты «Народная воля»

82. Валерый Цапкала — дырэктар Беларускага парка высокіх тэхналогій

83. Аркадзь Добкін — старшыня рады дырэктараў EPAM Systems

84. Лявон Вольскі — спявак

85. Фёдар Поўны — праваслаўны протаіерэй

86. Валянцін Шаеў — старшыня Следчага камітэта

87. Наталля Радзіна — галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97»

88. Віталь Шураўка — уласнік партала Onliner.by

89. Уладзімір Някляеў — паэт, палітык, лідар кампаніі «Гавары праўду»

90. Сяргей Пісарык — старшыня праўлення «Беларусбанка»

91. Сяргей Абламейка — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

92. Уладзімір Шымаў — рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта

93. Павел Тапузідзіс — уласнік «Тытунь-Інвест» і «Кароны»

94. Сяргей Цяцерын — трэнер Аляксандра Лукашэнкі па тэнісе

95. Аляксандр Азярэц — міністр энергетыкі

96. Анатоль Лябедзька - cтаршыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі

97. Уладзімір Арлоў — пісьменнік

98. Сяргей Мусіенка — сацыёлаг, кіраўнік цэнтра ECOOM

99. Аляксей Ваганаў — уласнік кампаніі «Лада Гарант»

100. Васіль Жарко — міністр аховы здароўя.

Прадстаўнікоў незалежнага грамадства ў другой паўсотні значна больш, чым у першай, дзе ёсць толькі музыка Сяргей Міхалок.

З апазіцыйных дзеячаў найвышэйшыя пазіцыі занялі Мікола Статкевіч (58-е месца), Алесь Бяляцкі (60-е), Павел Севярынец (61-е). Менавіта ад іх лёсу залежаць далейшыя адносіны з краінамі Захаду. Алесь Бяляцкі летась быў адным з прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію.

Недалёка ад іх Зянон Пазняк (65-е) і Аляксандр Мілінкевіч (69-е). Крыху далей Уладзімір Някляеў (89-е). У былых кандыдатаў у прэзідэнты застаецца добрая пазнавальнасць.

Нізкія месцы сілавікоў Аляксандра Боечкі (55-е) і Валянціна Шаева (86-е) можна патлумачыць тым, што на сваіх пасадах яны яшчэ зусім нядаўна.
Людзі не самыя вядомыя. А Шаеў увогуле не быў прызначаны ў Следчы камітэт, калі пачыналася апытанка.
Вялікае прадстаўніцтва ў другой палове людзей з медыясферы.
Гаспадар Tut.by Юрый Зісер заняў 65-е месца, адразу за ім — публіцыстка, шэфрэдактар «Народнай волі» Святлана Калінкіна. Ёсць у сотцы і яе галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч (81-е). Віталь Шураўка, уласнік партала onliner.by, які ўсё больш набірае папулярнасць, на 88-м месцы. На прыступку вышэй за яго — кіраўніца апазіцыйнага сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна.
З духоўных асобаў у спіс, акрамя Філарэта, трапіў таксама каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які публічна карыстаецца паўсюль беларускай мовай.
Ёсць яшчэ і праваслаўны протаіерэй Фёдар Поўны, які разам з Лукашэнкам нядаўна адпачываў у Сочы. Айцец Фёдар у 2008 хацеў стаць дэпутатам савета рэспублікі, але не атрымаў згоды Філарэта.

Побач размясціліся суддзі Віктар Камянкоў і Валянцін Сукала. 72-е і 73-е месца адпаведна. Гэта можа сведчыць пра залежнасць судовай сістэмы ад выканаўчай улады.

У сотню ўплывовых трапіла толькі адна дзейсная спартсменка — гэта тэнісістка Вікторыя Азаранка (74-е),
якая ніколі не выказваецца на палітычныя ці сацыяльныя тэмы. Да спорту можна аднесці Сяргея Цяцерына (94-е), які некалі дапамагаў навучыцца Аляксандру Лукашэнку гуляць у тэніс. У 1990-ыя тэніс быў папулярным відам спорту ў Крамлі.

Лявон Вольскі прадстаўляе музыку (84-е), а Уладзімір Арлоў (97-е) — прыгожае пісьменства. Ёсць у спісе праўладны аналітык Сяргей Мусіенка, які часта агучвае новыя ідэі істэблішмэнту (98-е).

Бізнэс у другой палове рэйтынгу таксама прысутнічае. Гэта ўласнік «Савушкавага прадукта» ды «Санта-Брэмар», ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі Аляксандр Машэнскі (56-е) і Аркадзь Добкін (83-е), які стварыў канкурэнтназдольную на Захадзе праграмісцкую кампанію EPAM Systems, і іх «калегі»-мільянеры.

З рэктараў у спіс змаглі трапіць толькі Сяргей Абламейка з БДУ (91-е) і Уладзімір Шымаў з БДЭУ (92-е).

* * *

Рэйтынг дапамагалі складаць:

Рэйтынг складалі Зміцер Панкавец і Ягор Марціновіч