У сваім пазове дзяўчына паказала, што пасля разводу бацькоў яна жыве з мамай. Адносіны з бацькам дрэнныя. Ён часта тэлефанаваў дачцэ п'яны, а пасля чарговага званка, калі ён «у грубай форме выказваў негатыўнае меркаванне» пра дачку і яе маці, дзяўчына наогул спыніла кантакты. Да таго ж ён цалкам самаўхіліўся ад яе выхавання, не цікавіўся жыццём дачкі, яе вучобай. Аліменты таксама плаціць з цяжкасцю — ужо ўтварыўся доўг.

З улікам усіх гэтых абставінаў падлетак папрасіла пазбавіць яе бацькі бацькоўскіх правоў.

Дзяўчына скарысталася правам, якое дае ёй Грамадзянска-працэсуальны кодэкс. Згодна з артыкулам 59, непаўналетнія, якія дасягнулі 14 гадоў, могуць асабіста звяртацца ў суд для абароны сваіх правоў, згоды бацькоў не патрабуецца, пры гэтым можна карыстацца дапамогай адвакатаў і іншых прадстаўнікоў.

У судзе ўзяла ўдзел і маці дзяўчыны. Яна падтрымала пазоў дачкі і запатрабавала спагнаць з экс-мужа кампенсацыю выдаткаў на юрыдычную дапамогу.

Таксама на пасяджэнні быў апытаны прадстаўнік раённага ўпраўлення па адукацыі. Дзяржорган даў заключэнне, што пазбаўленне мужчыны бацькоўскіх правоў на дзяцей з'яўляецца мэтазгодным. Такога ж меркавання быў і пракурор.

Сам бацька пазоў не прызнаў. Аднак гэта не паўплывала на рашэнне суда. Выслухаўшы ўсе бакі, дапытаўшы сведак і вывучыўшы пісьмовыя матэрыялы справы, суддзя прыйшоў да высновы, што патрабаванне правамернае і пазоў павінен быць задаволены.

Згодна з артыкулам 80 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, бацькоў могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў у дачыненні да непаўналетняга дзіцяці, калі будзе ўстаноўлена, што ён ці яна ўхіляюцца ад сваіх бацькоўскіх абавязкаў, злоўжываюць бацькоўскімі правамі або жорстка абыходзяцца з дзіцем, вядуць амаральны лад жыцця і гэтак далей.

Мінчука пазбавілі бацькоўскіх правоў у дачыненні да дачкі-падлетка і спагналі з яго на карысць былой жонкі 1965 рублёў для кампенсацыі выдаткаў на юрыстаў, а таксама дзяржпошліну. Дзяўчынка была пакінута на выхаванні маці.

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2